Жыве чалавек на зямлі, мітусіцца, здабываючы на хлеб надзённы, і не задумваецца над мэтаю свайго існавання. Але прыходзіць часіна, калі запытае сябе: хто я, дзе і дзеля чаго жыву? Вось у такія моманты абуджаюцца яго нацыянальныя пачуцці, успамінаюцца тыя імгненні, калі вучыўся роднаму слову, калі успомніў свае карані:
Пачнем збіраць зярно к зярняці,
Былое ў думках уваскрашаць,
Каб быт на новы лад пачаці,
І сеўбу новую пачаць.
Янка Купала
З гэтых слоў нашага вялікага песняра з выключнай выразнасцю і глыбінёй раскрыта для народа неацэннае значэнне мінуўшчыны. Народ павінен ведаць сваю гісторыю, свае карані ў імя будучыні.
Народ, які не ведае сваёй мінуўшчыны, не варты і будучыні. Як чалавек, што страціў памяць, становіцца зусім бездапаможным і, па сутнасці, перастае быць чалавекам, так і народ, які забывае сваё мінулае, становіцца бездапаможным у гістарычным быцці і перастае быць народам.
І менавіта музей, музейная экспазіцыя з’яўляюцца тою нітачкаю, повяззю мінуўшчыны і будучыні, часткай гісторыі каранёў беларускага народа.
Мы - маладое пакаленне,
Патомкі слаўных крывічоў,
Нясём народу Адраджэнне,
Што спаў, прыгнечаны з вякоў…
Спрыяльным асяроддзем для гарманічнага падрастаючага пакалення з’яўляюцца краязнаўства і музейная дзейнасць. Менавіта яна павінна несці ў навучанне элемент навізны і прыватнасці, рашаць важную праблему выхавання. Даследаванне псіхолагаў і педагогаў паказваюць, што навучанне будзе паспяховым, калі будзе больш задзейнічана органаў пачуццяў. Толькі 50% матэрыялу засвойваецца школьнікамі, калі новы матэрыял яны ўспрымаюць вачыма і на слых, і больш 90% ведаў застаецца ў арсенале вучняў, калі пры гэтым ён выконвае адэкватнае дзеянне. Адной з форм сімбіёза актыўнага пазнання, выхавання і выступаюць краязнаўства і музейная дзейнасць, іншымі словамі, актыўнае набыццё ведаў пра родны край.
Яшчэ Распуцін казаў, што “Ніякае грамадства, наколькі б магутным і маладым яно не ўяўлялася сабе, не зможа доўга пратрымацца ў сіле і здравіі, калі яно адмовіцца ад векавых традыцый і ўставаў свайго народ. Гэта ўсё роўна, што, падсекшы карані, спадзявацца на галіны.” Вучні добра разумець, што ў сучаснасць лягчэй уваходзіць, абапіраючыся на плечы продкаў, бо ўсё на зямлі сціраецца ,акрамя памяці.
А захавальнікамі памяці, векавых традыцый нашых продкаў, неад’емнай часткай выхаваўчага працэсу ў школе сталі музеі, музейныя экспазіцыі. Менавіта выкарыстоўваючы ўплыў на фармаванне светапогляду школьнікаў, адбываецца выхаванне патрыятызму і духоўнасці.
Музей ва ўстанове- гэта тое месца, дзе захоўваецца гістарычная памяць народа, памяць нашых продкаў, іх мары, імкненні, жаданні, дасягненні. Для людзей, а тым болей для выхаванцаў, вельмі важна ведаць сваю мінуўшчыну, асэнсоўваць сваё месца ў сягонняшнім дні, каб з надзеяй глядзець у будучыню.
І для ўсіх, чые душы і сэрцы непарыўна звязаны з сваёй мінуўшчынай, хто імкнецца далучыцца да багатай і самабытнай спадчыны Бацькаўшчыны, у нашай гімназіі створаны музей з этнаграфічным профілем “Нам засталася спадчына”, які займае невялікі пакой (13,5 кв.м.), у якім знайшлі сваё месца бытавыя рэчы беларусаў, нацыянальнае адзенне і ўзорныя тканіны, прамысловыя вырабы і рэчы, у якіх адлюстроўваюцца духоўныя традыцыі, звычаі і абрады.
У 2009 годзе музейны пакой атрымаў статус музея. На сённяшні дзень у музеі налічваецца 359 экспанатаў. Музей складаецца з трох раздзелаў: “Беларускі ручнік”, “Беларуская вышыўка”, “Беларуская хатка”.
Экспанаты для гэтых раздзелаў збіраліся вучнямі па гарышчах і знаёмых бабульках, частка ручнікоў - уласны “скарб” настаўнікаў нашай школы.
Раздзел “Беларускі ручнік”налічвае 41 экспанат. Гэта ручнікі - набожнікі, вясельныя, уціральнікі, якія служылі для бытавых патрэб; ручнікі- абыдзённікі- іх павязвалі на магільны крыж.
Арнамент ручнікоў геаметрычны, менш чорнага колеру, больш белага, чырвонага, сіняга, зялёнага, нібы летняя вясёлка. Белы фон - гэта натуральны колер палатна, чырвоны - гэта колер сонца, жыцця. Ручнікі, як і іншыя экспанаты, каштоўныя тым, што яны ткаліся на кроснах уручную.
За кожным экспанатам стаіць духоўная асоба: яе талент, працаздольнасць, кемлівасць, і таму многія жыхары, перадаючы вучням – падарожнікам экспанаты ў музей, выказваюць глыбокія словы ўдзячнасці і павагі за тое, што не забываецца мінулае, і жадаюць дальнейшага росквіту, плёну, творчасці ў працы.
Другі раздзел музея “Беларуская вышыўка” налічвае 49 экспанатаў. Тут знайшлі сваё месца вышываныя сурвэткі, карціны розных памераў, дарожкі на куфры, на паліцы, тканыя посцілкі, вышываныя настольнікі, накідкі на падушкі і іншае.
Трэці раздзел музея “Беларуская хатка” знаёміць наведвальнікаў з прадметамі сялянскага быту і працы. Экспазіцыя ўключае прадметы старынных народных промыслаў: пляценне, вырабы з дрэва, гліны, металу,саломы. Напрыклад, раздзел “Пляценне” прадстаўляе прадметы быту пачатку ХХ ст.: сявенька (ёмкасць для пераноскі зерня ў поле); вярэнька (ёмкасць для захоўвання зерня, круп); кашэль і інш.
Раздзел “Вырабы з дрэва” прадстаўлены прадметамі хатняй і сельска- гаспадарчай ўтвары: дзяжа, маслабойка, начоўкі, калаўроты, прасніцы, качалкі, матавілы, церніца і інш. Гэтыя вырабы адносяцца да 19- пачатку 20 стагоддзяў. У раздзеле “Вырабы з гліны, металу”- посуд пачатку 20 стагоддзя: гладышы, гаршчкі, гляк, збаны, макітра, чарпакі, чыгункі і інш.
Такім чынам, экспазіцыя музея ўяўляе сабой матэрыяльную і метадычную базу для падрыхтоўкі і правядзення мерапрыемстваў у пачатковай школе, масавых мерапрыемстваў у гімназіі, выкарыстоўваецца для правядзення ўрокаў гісторыі, беларускай літаратуры, гурткоў, клубаў.
Музей рэгулярна арганізуе тэматычныя выставы з новых паступленняў, якія адлюстроўваюць розныя бакі сялянскага быту: 19- пачатку (сярэдзіны) 20 ст., народныя промыслы беларусаў, святы, абрады, традыцыі, якія звязаны з апрацоўкай лёну, ткацтвам, вышыўкай, вязаннем і г.д.
Пад кіраўніцтвам настаўнікаў і савета музея з ліку вучняў падрыхтаваны экскурсаводы, якімі былі распрацаваны тэматыкі гутарак і экскурсій: “Сімвалічная роля стана ў беларускай сялянскай хаце”, “Хата беларускага селяніна як мадэль Сусвету”, “Сімволіка беларускага народнага посуду”, “Калі ласка ў нашу хату”, “Навошта ў хаце парог”, “Ручнік і духоўнае багацце народа”, “Прызначэнне дзяжы ў сялянскай хаце” і інш.
Аднак музей - не проста імітацыя маляўнічай беларускай хаткі. За ўсім гэтым- сур”ёзная пошукавая работа вучняў, педагогаў, бацькоў. Большасць экспанатаў набыта ў ходзе экспедыцыі па Лідскім, Навагрудскім раёнах. Удзел ў такіх паходах і паездках мог прыняць любы вучань нашай школы ў час канікул.
У школе арганізавана і дзейнічае навуковае грамадства “Эрудыт”. Члены савета музея прымаюць удзел у пошукава-даследчай рабоце гэтага грамадства. Праводзілася пошукава- даследчая работа прадстаўнікамі савета музея па тэмах: “Паэтычная Лідчына”, “Тапонімы Лідчыны”, “Вобраз зязюлі ў вясельнай паэзіі”.
У рабоце “Паэтычная Лідчына” сабраны матэрыял, які дазваляе вучням бліжэй пазнаёміцца з культурай і гісторыяй нашага рэгіёна, садзейнічае развіццю пазнавальных інтарэсаў вучняў.
У навуковай рабоце “Тапонімы Лідчыны”, якой кіравалі настаўнікі беларускай мовы і літаратуры Яводзік А.У., Козел Л.Ф., было адзначана, што у многіх з назваў тапонімаў Лідчыны ўвасоблены геаграфічныя і прыродна- кліматычныя асаблівасці роднага краю, характар вытворча- прафесійнай дзейнасці людзей, спосабы і формы задавальнення імі сваіх матэрыяльных і духоўных патрэб. Аналізуючы тапанімічны склад Лідскага раёна, было зазначана, што тапонімы Лідчыны - гэта гістарычная памяць народа, якая праз назвы населеных пунктаў гаворыць людзям аб мінулым роднага краю. Захаванне тапаніміі роднага краю - справа дзяржавы і кожнага грамадзяніна.
Гэтыя работы былі прадстаўлены на раённую канферэнцыю і адзначаны Ганаровымі граматамі ўпраўлення адукацыі Лідскага райвыканкама. З работай “Тапонімы Лідчыны” члены савета музея Капцевіч В. і Бабкевіч К. выступалі на абласной канферэнцыі. Іх пошукава-даследчая работа была адзначана Ганаровай граматай.
Пасля экспедыцый па вывучэнні быту і абрадаў мясцовага насельніцтва члены савета музея і ўдзельнікі гуртка “Фалькларыст” арганізуюць пасяджэнні, вячоркі, вандроўкі, паказваючы эпізоды з традыцыйных беларускіх абрадаў, свят. Напрыклад, “Пасядзелкі ў бабулі Алены”, “Вялікдзень”, “Чароўны куфэрак”, “З Альжбетай па родным краі”, “Калядкі ” і інш..
Асаблівую цікавасць выклікае ў наведвальнікаў раздзел “Беларускі ручнік”.
Аб гэтым сведчаць запісы гасцей з Польшчы, Санкт- Пецярбурга і іншых мясцін.
Савет музея падтрымлівае цесную сувязь з перыядычным выданнем школы газетай “Наша люстэрка”. На старонках гэтага выдання публікуюцца артыкулы прадстаўнікоў савета музея пра паступленні новых экспанатаў у музей за апошні перыяд, пра асаблівасці традыцыйных беларускіх свят: “Багач”, “Пакровы”, “Дзяды”, “Сёмуха” і інш.(гл. Дадатак №), а таксама з рэдакцыяй “Лідскай газеты”, на старонках якой была надрукавана нататка настаўніцы нямецкай мовы Пятроўскай І.В. аб паездцы ў нямецкі горад Емгум і аб сустрэчы нямецкіх гасцей на тэрыторыі горада Бярозаўкі, якія з цікавасцю наведалі невялічкі музей нашай установы.
Неаднаразова з экспанатамі раздзела “Беларускі ручнік” прадстаўнікі музея “Нам засталася спадчына” ўдзельнічалі ў раённых выставах. Гэта і Рэспубліканскія Дажынкі-2010, і 850-годдзе горада Ліды, і на настаўніцкай канферэнцыі, і на мясцовам свяце горада Бярозаўкі.
Абуджэнне гстарычнай памяці і развіццё каштоўных чалавечых пачуццяў: нацыянальнай свядомасці, патрыятызму, любові і павагі да роднай матчынай мовы, чалавечнасці і дабрыні - немагчыма без эмацыянальнага ўзрушэння, без уздзеяння роднага слова і вобраза беларуса, увасобленых у экспанатах музея гімназіі. Спазнаць гісторыю свайго народа можна, толькі дакрануўшыся да мінуўшчыны.
Вялікія майстры былі заўсёды вернымі ідэалам дабра, справядлівасці, хараства. Сутнасць чалавека вывяраецца той каштоўнасцю, якую ён лічыць самай вялікай і ў імя якой гатовы на ўсё. У. Караткевіч пісаў: “Мне дарагі свет і ты. Але Радзіма мне даражэй за ўсё. І калі Радзіме маёй дрэнна - мне таксама нічога не міла.” І таму падчас вандровак у пошуках экспанатаў мы сустрэліся з такімі людзьмі, якія ў гады ліхалецця не шкадавалі жыцця, маладосці, нязведанага кахання дзеля міру і спакою на беларускай зямлі.
Радзіма, як і маці, у чалавека адна. І мова таксама адна. Яна дадзена нам Богам, і звяртацца да Яго з малітваю трэба на роднай мове. І шмат чаго мы робім ў гімназіі з дапамогай музея, каб матчына мова гучала часцей. Гэта гасцёўні і вечарыны, конкурсы і абрадавыя святы, тэматычныя і аглядныя экскурсіі. Гэта і проста дыялог з любым экспанатам. Мы ўпэўнены, што наша творчая спадчына бясследна не міне, малодшае пакаленне будзе ўдзячна за дабро, якое мы нясём у массы.
Завітайце ў нашу музей-хатку,
Адчуйце цеплыню яе, спакой.
І дай Вам Бог здароўя, шчасця,
А Бацькаўшчыне нашай -
Вечна быць жывой.